Нагадаю бэкграўнд Галоўчанкі: у свой час працаваў у Савеце Бяспекі, узначальваў Дзяржкамваенпрам, быў амбасадарам у Эміратах — карацей, меў каляваенны досвед. А Лукашэнку імпануюць такія людзі, якія шчоўкаюць абцасамі, бяруць пад казырок без лішніх пытанняў і пярэчанняў.
Класкоўскі: «Амаль пяцігадовы перыяд Галоўчанкі на чале ўраду быў досыць супярэчлівы»
Палітычны аглядальнік інфармагенцтва Позірк Аляксандр Класкоўскі ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра тое, чаму ад перастановак ва ўрадзе вынік не зменіцца.
Праз тыдзень пасля «выбараў» у Беларусі дзеючы ўрад склаў паўнамоцтвы — адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Цяпер Лукашэнка мусіць прызначыць новы склад ураду, у тым ліку яго кіраўніцтва — альбо перапрызначыць стары. Фармальна згоду таксама павінен даць парламент.
Які сцэнар больш верагодны, і хто ў рэшце рэшт зойме крэсла прэм’ер-міністра?
Нагадаем, Раман Галоўчанка быў прызначаны на гэтую пасаду замест Сяргея Румаса ў чэрвені 2020 года, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў — і захаваў за сабой крэсла цягам 4,5 гадоў. Менавіта пры ім пачаў прымяняцца механізм дзяржаўнага рэгулявання цэн і з’явіўся «чорны спіс» інвестараў з несяброўскіх беларускаму рэжыму краін. Зрэшты, інфляцыю ўрад Галоўчанкі, як і абяцаў, утрымаў у зададзеных рамках, а рэальныя даходы беларусаў заўважна выраслі.
Так справіўся прэм’ер з задачамі ці не? Дарэчы, пакуль што Лукашэнка загадаў яму і ўсім міністрам працягваць працу — да фармавання новага ўраду.
Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандр Класкоўскі зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці», што акурат абставіны прызначэння Галоўчанкі прэм’ерам шмат пра што сведчаць:
— У чэрвені 2020 года пачынаўся ўжо палітычны варушняк, які пазней выліўся ў мірнае паўстанне беларусаў. І Лукашэнка непакоіўся за надзейнасць сваіх кадраў. Румас яму здаваўся, па-першае, занадта радыкальным «рыначнікам» (за што чыхвосціў таго неаднойчы), і па-другое, у ім Лукашэнка бачыў прыхаванага БЧБ-шніка.
І з гэтых меркаванняў паставіў Галоўчанку, як абсалютна зразумелага і праверанага кадра.
Пры тым Галоўчанка чалавек адукаваны, ведае чатыры мовы, і што да яго дыпламатычнай дзейнасці ў Эміратах — магчыма, ён заваяваў давер Лукашэнкі яшчэ і выкананнем нейкіх далікатных даручэнняў (у звязку з гэтым прыгадаю, што палітычныя праціўнікі правіцеля ўпэўнены: той хавае ў Эміратах свае грошыкі).
Такім чынам, мяркуе палітычны аглядальнік, Галоўчанка быў для правіцеля надзейнай кандыдатурай — хоць на першым плане былі хутчэй не дзелавыя яго якасці, а прынцып асабістай адданасці. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, Галоўчанка ніколі не настойваў на эканамічных рэформах, а паслухмяна выконваў даведзеныя задачы: трэба рэгуляваць цэны — будзем рэгуляваць, і г.д.
— З другога боку, ягоны пяцігадовы перыяд быў досыць супярэчлівы, — дадае Аляксандр Класкоўскі. — Бо пасля 2020-га і асабліва пасля 2022 года, калі пачаўся саўдзел у расійскай агрэсіі, рэжым падпаў пад сур’ёзныя санкцыі, адбылося падзенне эканомікі.
І Лукашэнка з яго звычкай знаходзіць крайняга неаднойчы пагражаў Галоўчанку адстаўкай, у 2023 годзе адкрытым тэкстам казаў: маўляў, калі не будуць выкананыя прагнозныя эканамічныя паказчыкі, то прэм’еру будзе, так бы мовіць, «секір-башка».
Праўдамі і няпраўдамі паказчыкі тады выцягнулі. А потым пайшла паласа шанцавання, хоць і дасягнутая дарагой цаной — катастрафічнай прывязкай беларускай эканомікі да расійскай. Тым не менш, «малодшы брат» знайшоў нішу, пражэрлівы расійскі ВПК спажывае цяпер шмат беларускай прадукцыі, як тавары падвойнага прызначэння, так і цывільныя тавары знаходзяць збыт.
Але тут пытанне, наколькі працяглай будзе гэтая паласа. Эканамісты кажуць, што ўжо нарастаюць трывожныя сімптомы ў расійскай эканоміцы, плюс Кітай стварае ўсё большую канкурэнцыю беларускім вытворцам, таму прагнозы такія, што эканоміка будзе замаруджвацца. Увогуле, вайна — рэч непрадказальная, таму праз нейкі час можа быць і даволі адчувальны спад.
Наўпрост цяпер, рэзюмуе палітычны аглядальнік, у Лукашэнкі няма важкіх падстаў і сэнсу мяняць Галоўчанку на кагосьці іншага. Але і выключаць такога варыянта нельга: па-першае, калі адбудзецца падзенне эканамічных паказчыкаў, рэжыму спатрэбіцца «ахвярны казёл», па-другое, у кадравай палітыцы правіцель даволі непрадказальны, і любіць «здымаць» чыноўнікаў, прыкладам, за карупцыю.
– Апошнім часам Лукашэнка шмат кажа пра тое, што павінна адбывацца змена пакаленняў, прыход свежых кадраў, – нагадвае Аляксандр Класкоўскі. – На сябе, праўда, гэта не распаўсюджвае. Але цалкам магчыма, што калі не цягам найбліжэйшых тыдняў, то цягам гэтай кадэнцыі Лукашэнкі адбудзецца значнае абнаўленне складу Савета міністраў.
У тым ліку, магчыма, Лукашэнка прыгледзіць каго маладзейшага за Галоўчанку і на пасаду прэм’ера. І калі ўсё ж наважыцца на транзіт улады, можа зрабіць яго сваім наступнікам. Хоць наконт транзіту пытанне вельмі цьмянае.
У кожным разе, падкрэслівае Аляксандр Класкоўскі, і ад Галоўчанкі, і ад любога наступнага прэм’ера мала што залежыць:
— Яны могуць з той ці іншай ступенню стараннасці выконваць дырэктывы Лукашэнкі. Але рэй у эканамічнай палітыцы вядзе правадыр рэжыму, з яго савецкімі поглядамі і нелюбоўю да прыватніка.
Таму збольшага пры любым прэм’еры, пакуль кіруе Лукашэнка, такога кшталту палітыка будзе працягвацца, і спадзявацца на нейкія рэформы не выпадае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное