Вячорка: «Ніхто не ведае, як адбудзецца падзенне рэжыму, таму што цяпер гэта залежыць не толькі ад беларусаў»

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай разважае пра стратэгію дэмсіл, маральны суверэнітэт і з кім давядзецца дамаўляцца ў перспектыве.

Пасля студзеньскіх «выбараў» з прадказальным вынікам Аляксандр Лукашэнка застаецца ва ўладзе — ужо на сёмы тэрмін. Што можа зрабіць апазіцыя ў цяперашніх варунках, і ці ёсць у дэмакратычных сіл бачанне стратэгіі, якая наблізіць перамены ў нашай краіне?

— Беларусь аказалася ў складанай сітуацыі, з якой ніколі не сутыкалася раней: беларуская незалежнасць пад пагрозай, грамадзянская супольнасць фактычна загнаная ў падполле ці за мяжу. Асноўныя дзеянні перанесеныя ў дыяспару, а ўнутры краіны, атрымліваецца, застаюцца толькі інфармацыйныя інструменты, каб дагрукацца да людзей, — так у эфіры DW Беларусь акрэсліў стан рэчаў на пачатку 2025 года галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

— Але ёсць і міжнародная супольнасць, якая змабілізаваная вакол Беларусі, — таму што да 2020 года такой цікавасці і ў прынцыпе разумення, што ёсць Беларусь, не было. Гэта тая сітуацыя, у якой мы апынуліся цяпер.

Вайна яе моцна падправіла. Вайна была блаславеннем для Лукашэнкі, таму што, калі б не вайна, сітуацыя, магчыма, разварочвалася б зусім інакш. Але тое, што адбылося, дало падставу Лукашэнку закруціць яшчэ больш гайкі — і працягнуць здачу Беларусі Расіі і Пуціну.

У такіх варунках што канкрэтна прыносіць беларусам у краіне дзейнасць дэмсіл па-за межамі Беларусі? На думку Франака Вячоркі, гэта дазваляе забяспечыць своеасаблівы маральны суверэнітэт беларускай нацыі:

— Калі б не праца дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці — нас бы даўно запісалі ў расіян, адгарадзіліся бы плотам, закрылі ўсе візы і ніхто не гаварыў бы пра Беларусь як частку еўрапейскай сям’і.

Але тое, што робіць Святлана Ціханоўская і спікеры, праваабаронцы, журналісты — гэта дае магчымасць паказаць: мы не Расія, беларусы — не роўна рэжым. Бо тое, што Лукашэнка даў прастору для абстрэлу Украіны — гэта ягонае злачынства, выкарыстанне Беларусі і сваёй незаконнай улады.

Я думаю, што захоўваць беларускую суб’ектнасць — наша асноўная задача і прыярытэт. Бо страціць яе ў віхуры падзей вельмі магчыма. А тое, што ёсць альтэрнатыўныя Лукашэнку галасы, якія прымаюцца, іх слухаюць — гэта дае нам шанец выйсці з віхура, захаваўшы краіну, і больш за тое, павярнуць яе да дэмакратыі, у еўрапейскі бок.

Ёсць і шмат практычных пытанняў, якія трэба вырашаць штодня: дапамога незалежным медыям, пытанне з візамі (зараз выдаецца самая вялікая колькасць віз для беларусаў ад 2019 года, але ўсё роўна іх недастаткова). І гэта тыя рэчы, якія важныя і для беларусаў унутры краіны, і для беларусаў за мяжой.

Што да стратэгіі дэмсіл і шляху да перамен — ці ёсць гэты план, альбо ён заключаецца ў тым, каб чакаць падзення аўтарытарызму ў Беларусі?

— Транзіт складаецца з трох частак, — гаворыць Вячорка. — І першая — як давесці краіну да пачатку перамен і падзення рэжыму. Ніхто не ведае, як гэта адбудецца, таму што цяпер гэта залежыць не толькі ад беларусаў.

Гэта залежыць ад геапалітычнага кантэксту, ад мірных перамоў па Украіне, ад стабільнасці пуцінскай эканомікі і цэн на нафту, ад рашучасці амерыканскай адміністрацыі, але і ад нашай здольнасці прыцягваць на свой бок больш краін, якія будуць галасаваць у ААН, калі пытанне Беларусі паставяць на Радзе Бяспекі альбо на Генасамблеі. І для гэтага трэба працаваць як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.

Калі рэжым падзе і як гэта будзе выглядаць — ніхто не ведае. Нехта кажа, што Лукашэнка стары і хворы (але лепш хай гэта будзе запасны варыянт). Другі сцэнар — калі ён будзе не здольны кіраваць і хтосьці ўнутры адчуе смеласць скінуць яго. Трэці — перамовы, калі ён атрымлівае пэўныя гарантыі бяспекі і ляціць з Колем, сям’ёй у Эміраты і жыве там бязбедна да канца жыцця… Сцэнароў шмат, але мы не ведаем, калі будзе perfect storm, гэты ідэальны момант, калі б адзін з іх спрацаваў.

Але неабходна, каб на гэты час беларускае грамадства захавала сваю суб’ектнасць, мела голас. Гэта не абавязкова павінная быць Святлана Ціханоўская, можа быць Каардынацыйная Рада ці іншая структура. І важна, каб тыя людзі, якія будуць удзельнічаць у перамовах — яшчэ да свабодных выбараў — прадстаўлялі менавіта прадэмакратычную, праеўрапейскую частку грамадства, якое хоча захавання беларускай незалежнасці.

Зараз прастора для дзеянняў вельмі невялікая. Але ж чым мацнейшыя будуць дэмакратычныя сілы ў момант магчымасцяў, тым болей шансаў будзе адстаяць свае інтарэсы, захаваць беларускую незалежнасць і дабіцца сапраўды свабодных выбараў.

У польскай «Салідарнасці» ў свой час для гэтага быў круглы стол і неідэальныя ўмовы, бо 50% галасоў усё роўна заставалася за камуністамі — але гэта быў кампраміс. І нам таксама давядзецца знайсці нейкі кампраміс з усёй той наменклатурай і стэйкхолдарамі, якія застаюцца ў Беларусі. Але бачна, што Лукашэнка не хоча ніякіх круглых сталоў, ад усіх спробаў дыялогу ён адмаўляецца мэтанакіравана ад 2020 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(16)