«Я іранічны скептык з трагічным светаўспрыманнем»

Пісьменніку Альгерду Бахарэвічу — 50.

Фота: Белсат

31 студзеня беларускаму пісьменніку Альгерду Бахарэвічу споўнілася 50 год. Свой юбілей адзін з самых вядомых літаратараў Беларусі адзначае ў Берліне. Як і тысячы іншых беларусаў, Бахарэвіч вымушана пакінуў радзіму пасля падзей 2020 года.

Ягоны раман «Сабакі Еўроры», выдадзены ў 2017-м і перакладзены на рускую і нямецкую мовы, прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Я не веру ў шчаслівае жыццё. Я іранічны скептык з трагічным светаўспрыманнем. Гэта пазбаўляе дурных ілюзій, ратуе ад удзелу ў масавых псіхозах, дазваляе жыць сваім розумам і не паддавацца марнасці.

Я не чакаю ад гэтага свету шчасця. Мяне як асобу сфармавалі старыя майстры: Кафка, Джойс, Набокаў, Гамбровіч. Творчасць — адзіная негвалтоўная форма свабоды, высакародная спроба супрацьстаяння злу, вяртанне чыстай красы з хаосу, падарожжа туды, дзе яшчэ ніхто не бываў.

Альгерд Бахарэвіч – у інтэрв’ю «Радыё Свабода», 30 студзеня 2025-га

Бахарэвіч аўтар паўтара дзясятка кніг прозы. Пачынаў пісаць яшчэ школьнікам ў пачатку 1990-х. адзін з сузаснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Бум-Бам-Літ», а таксама сябра літаратурнай суполкі «SCHMERZWERK».

У ягонай біяграфіі ёсць і музычная старонка: з 1993 па 2000 год Альгерд быў вакалістам і аўтарам тэкстаў панк-гурта «Правакацыя».

Паводле твораў Бахарэвіча ставіліся спектаклі. У 2014-м на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля «Шабаны» подле рамана «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення». Праз год спекталь быў пастаўлены на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Пяць год таму Беларускі Свабодны тэатр паставіў паводле рамана Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» аднайменны спектакль. Сёння ў гэта цяжка паверыць, але беларуская прэм’ера прайшла ў сакавіку 2020-га ў Мінску.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)